У выдавецтве ***enberg ***lisher (беларускія сілавікі называюць яго «экстрэмісцкім») выйшла кніга псіхалагіні Вольгі Вялічкі «Нябачныя: Галасы жонак беларускіх палітвязняў». У ёй сабраны гісторыі жанчын, чые мужы апынуліся за кратамі з-за сваіх перакананняў.
Гераінямі кнігі сталі жонкі беларускіх палітвязняў. Некаторыя расказваюць пра свой вопыт пад сапраўднымі імёнамі, сярод іх – Святлана Ціханоўская. Іншыя захавалі ананімнасць.
Аўтарка расказвае, з якімі цяжкасцямі і псіхалагічнымі наступствамі сутыкаюцца жанчыны пасля арышту мужоў.
«Ва ўсіх тэкстах чуваць пратэст: супраць абставін, якія не пакінулі выбару. Гэтыя абставіны выкручваюць жанчынам рукі, і вядома, што яны дадуць рады, але як важна ўшанаваць іх адвагу і стойкасць», – піша аўтарка.
Прадмову да кнігі напісаў нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі.

Кніга псіхалагіні Вольгі Вялічкі «Нябачныя: Галасы жонак беларускіх палітвязняў». Фота аўтаркі.
Гэта другая кніга Вольгі Вялічкі. Яе першая праца – «Ад двух да пятнаццаці: мая мама ў турме» – прысвечана дзецям беларускіх палітвязняў. У 2024 годзе яна ўвайшла ў лонг-ліст прэміі Гедройца, а таксама атрымала прэмію імя Алеся Адамовіча.
Беларускія ўлады дадаюць людзей, розныя недзяржаўныя інстытуцыі і ініцыятывы ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», каб змагацца з «распальваннем варожасці» або «пагрозай нацыянальнай бяспецы».
Дэ-факта пасля падзей 2020 года сілавікі з дапамогай такога статусу запалохваюць, маргіналізуюць і караюць людзей, розныя ініцыятывы, грамадскія арганізацыі і партыі, якія маюць адрозныя ад рэжыму Лукашэнкі грамадска-палітычныя погляды.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

















