У прэміяльным квартале DEPO на плошчы Перамогі ў Мінску стартавалі продажы кватэр у доме ROTAX 2. У ім запраектавалі 36 кватэр плошчай ад 49 да 181 «квадрата». Кошты пачынаюцца ад 5023 долараў за «квадрат», а адна з кватэр каштуе 961 500 долараў.
Будаўніцтва ROTAX 2 пачалося ў маі 2026 года, а завяршыць яго плануюць да канца 2028-га. Дом знаходзіцца на мяжы квартала DEPO і вуліцы Чырвонай, піша партал Office Life.
Побач знаходзяцца набярэжная Свіслачы, галоўная веладарожка і арт-аб’ект «Трамвай, які раствараецца ў часе». З унутранага двара дома жыхары змогуць трапіць на пешаходную вуліцу квартала, а таксама ў рэстаран.
Плошча кватэр – ад 49 да 181 квадратнага метра. Вышыня столяў на тыпавых паверхах – 3,06 метра. На апошніх узроўнях прадугледжаны кватэры са зменнай вышынёй столяў – да 6,78 метра.
Жыллё будуць прадаваць без чыставога аздаблення. У кватэрах ёсць розныя варыянты шклення: напрыклад, мансарды з вуглавымі вокнамі і кватэры з панарамнымі вітражамі.
У ROTAX 2 прадаюць пяціпакаёвую кватэру з трыма спальнямі і машына-месцам. Яе кошт – 961 500 долараў.
Што гэта за квартал?
Квартал DEPO будуюць у гістарычнай частцы сталіцы – ля плошчы Перамогі. У 19-м стагоддзі на гэтым месцы размяшчаўся конны рынак, у 20-м – трамвайнае дэпо, якое пазней стала тралейбусным.
Забудоўшчык DEPO – кампанія «А-100 Дэвелапмент», якая выкупіла ўчастак на аўкцыёне ў 2017 годзе больш чым за 8 мільёнаў долараў. Столькі ж было патрачана на знос старых будынкаў і падрыхтоўку пляцоўкі. Архітэктурную канцэпцыю распрацаваў расійскі архітэктар Сяргей Скуратаў.

Раён, у якім будуецца квартал. Фота: «А-100 Дэвелапмент».
Усяго ў гэтым квартале плануюць пабудаваць больш за 20 дамоў, здаць больш за 500 кватэр, а таксама ўладкаваць пешаходныя зоны, штучны вадаём, магазіны, кафэ, фітнес-цэнтр і прыватны дзіцячы садок.
Завяршыць праект плануюць да 2029 года.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















