Сёння ў рубрыцы «Кватэраздымка» глядзім варшаўскую кватэру сям’і творчых мінчан. Вася займаецца дызайнам у IT, а яго жонка Дзіна – мастачка, таму на сценах шмат цікавых карцін. А ў самой кватэры багата паветра: столі пад 5 метраў – гэта вам не жартачкі.
– Некалькі гадоў таму мы з жонкай, сынам і сабакам перабраліся ў Кіеў, а адтуль ужо ў Варшаву, – расказвае Вася. – Тут мы два гады здымалі кватэру ў раёне Воля – але яна была занадта маленькая для нас, 42 квадратныя метры. Раён нам спадабаўся: з аднаго боку, ён дастаткова спакойны і «пенсіянерскі», з другога боку – вельмі блізка да цэнтра. Так што прыкладна за паўгода пошукаў знайшлі ў ім гэту вялікую кватэру.




Гасцёўня.
Шукалі на звычайных сайтах па пошуку жылля. Яна здавалася праз агенцтва, якому мы аддалі 50% кошту кватэры за месяц. Гаспадыня – прыемная інтэлігентная жанчына, якая раней сама жыла тут, а потым з’ехала ў загарадны дом.




Кухня.
Гэта апошні паверх, тут вельмі высокія нахіленыя столі – 4-5 метраў, багацце паветра. Мансардных вокнаў няма, але ёсць адчуванне мансарды – ці нават атмасфера замка. Я дастаткова высокі і вельмі некамфортна адчуваў сябе пры столі 2,5 метра, так што гэта было для мяне важна.


Высокія столі ў кухні-гасцёўні.


Жыву я са сваёй каханай жонкай Дзінай – яна мастачка, з сынам Фёдарам, сабачкам па імені Глаша (па пашпарце яна Ігла) і коткай Кісай. Ужо жывучы ў Варшаве, мы вырашылі, што хочам ката. Ёсць рабяты, якія перавозяць катоў з прытулку ў Беларусі, так у нас і з’явілася Кіса.


«Вялікі сямейны партрэт – гэта мая новая праца, – расказавае сама Дзіна. – Яна выканана алеем, але гэта нязвыклы для мяне медыум (я працую акварэллю), таму яна ўсё яшчэ не скончана. Аднойчы Вася проста прынёс немаведама адкуль гэта гіганцкае палатно дадому, і я зразумела, што трэба адмыслова намаляваць нешта для нашых вялікіх сцен. Кіса з’явілася нядаўна, таму яна не ўвайшла ў склад».


«Гэта графіка Андрэя Ярашэвіча. Ніжні Францыск – гэта арыгінал ілюстрацыі для адной з вокладак журнала “Большой”, а верхні – гэта эскіз для татуіроўкі, навеянай той вокладкай, якую для Васіля намаляваў Андрэй».


Першая карціна – гэта Вася з Федзям на дачы. «Ісус прыкладаўся да кватэры, мы вырашылі яго не прыбіраць як даніну польскай традыцыі. Вельмі ўжо арганічна ён там вісіць», – смяецца Дзіна.
За кватэру мы плацім фіксавана 5000 злотых (каля 1350$) плюс прыкладна 1000 злотых (каля 270$) дадатковых плацяжоў, у тым ліку паказчыкі лічыльнікаў. З суседзямі асабліва не камунікуем. Дакладна ведаю, што адна з суседак выкладае музыку – мяркуючы па ўсім, скрыпку: да яе ходзяць дзеці з футараламі, і часам трошкі чуваць ігру.


Спальня. На сценах – акварэльныя працы Дзіны. «Часткова гэта скетчы, якія я малявала ў розных кавярнях, аўтапартрэты і нейкія фантазійныя працы. Іх я афармляла для невялікай выставы ў кавярні ў Варшаве ў нас на раёне, потым мы вырашылі іх павесіць дома, раз ужо яны аформлены», –кажа мастачка. Злева ўверсе фатаграфія беларускага фатографа Сяргея Брушко, яе падарыла сяброўка Васілю на дзень нараджэння. Ніжэй рама для люстэрка, якую зрабіў Дзінін прадзядуля.




Кватэра, як нам падаецца, трохі нагадвае псеўдаамерыканскі салун, такая village: ёсць драўляная панэль, бамбукавая падлога, была яшчэ чырвоная скураная канапа, якую мы вынеслі.


Прыхожая і дзіцяча-падлеткавы пакой.


Прыгажосці з санвузла: «Гэта шаўкаграфіі Міці Післяка, якія Вася прынёс з аднаго з мерапрыемстваў у мінскім культ.цэнтры “Корпус”».
А яшчэ мне падабаецца, што тут вокны на розныя бакі і від на Сіці.


Дарожную развязку намаляваў сам Васіль, калі сын быў яшчэ маленькім. «Раней яна ўпрыгожвала дзіцячы пакой, але цяпер сын амаль падлетак і выгнаў усё “лішняе” са свайго пакоя», – смяецца Дзіна.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.












