Фота: асабісты архіў героя.

«Лос-Анджэлес – гэта страшная памыйніца». Беларус з сям’ёй пераехаў у Каліфорнію, кінуў IT і зарабляе 6000–7000$ майстрам на ўсе рукі

Фота: асабісты архіў героя.

У Беларусі Сяргей працаваў у IT, але два гады таму разам з сям’ёй з’ехаў у ЗША і стаў хэндыменам – майстрам на ўсе рукі. Былы айцішнік расказаў CityDog.io, колькі зарабляе ўніверсальны рамонтнік у Каліфорніі, што можа сабе дазволіць на гэтыя грошы (спойлер: не так ужо і мала!) і чаму Беларусь усё ж такі топ.

мы здесь

– У Беларусі я апошнім часам працаваў у IT. Калі вялікая колькасць айцішкі з’ехала, я працягваў працаваць аддалена тэсціроўшчыкам у знаёмага. Працы рабілася ўсё менш, гэта быў нават не фултайм – смешныя грошы.

Я разумеў, што знайсці падыходзячыя варыянты будзе ўсё больш складана, рынак схлопваецца, многія знаёмыя эмігравалі. Так што два гады таму мы з жонкай вырашылі ўзяць усё, што можам, і разам з нашымі трыма дзецьмі з’язджаць у ЗША.

Я атрымаў візу EB-1A – візу талентаў, якая пацвярджае, што ты выбітны ў сваёй сферы чалавек. На яе падставе можна легалізавацца і ўжо далей рабіць у ЗША што заўгодна, ні перад кім не даючы справаздачу.

EB-1A – гэта іміграцыйная віза ЗША для асоб з выдатнымі здольнасцямі ў навуцы, мастацтве, адукацыі, бізнесе ці спорце. Яна дазваляе атрымаць грын-карту без працадаўцы і працоўнай сертыфікацыі. Яе перавагі – не патрэбен дагавор з амерыканскай кампаніяй, а сужэнцы і дзеці да 21 года атрымліваюць статус разам з вамі.

Мы прадалі машыну, два матацыклы і ўзялі ўсе свае зберажэнні – у суме выйшла каля 20 000$. У Каліфорніі ў мяне быў далёкі сваяк, які прытуліў нас на пару тыдняў.

«Лос-Анджэлес – гэта страшная памыйніца»

– Было цяжка зразумець, куды ехаць жыць. Лос-Анджэлес аказаўся не такім, якім усе яго сабе ўяўляюць па фільмах. Гэта страшная памыйніца з бяздомнымі, жудасна перанаселены горад, які складаецца са старых пахіленых домікаў. Вядома, дарагія раёны тыпу Beverly Hills выглядаюць больш прыстойна, але ў цэлым з дзецьмі там рабіць няма чаго: школы няважныя, велізарны трафік, няма парковак, высокая арэнда – сядзець у гэтым мегаполісе не хочацца.

Усе раілі нам ехаць у акругу Орындж (Orange County) на поўдзень ад Лос-Анджэлеса. Там спадабаўся горад Ірвайн – цікава, што ён калісьці быў створаны і развіваўся літаральна на грошы прыватнай кампаніі Irvine Company.

Горад забудаваны двух-трохпавярховымі дамамі ў іспанскім стылі, аб’яднанымі ў кам’юніці. У кожным з іх жыве максімум пара тысяч чалавек, у кожнага кам’юніці ёсць свая трэнажорка, басейн, джакузі, зоны барбекю, більярд.

Горад Ірвайн, Каліфорнія, ЗША.

Ірвайн. Фота: Godless Humanist, Pexels.com.

«У дзвюх кватэрах былі гіганцкія прусакі. Мы ўзялі трэцюю – за 3500$ у месяц»

– Прама на сайце Irvine Company можна паглядзець, якія кватэры здаюцца, і там жа падаць заяўку на прагляд. Мы так і рабілі. Паглядзелі тры кам’юніці: прыязджалі і заходзілі ў кватэры па QR-кодзе. Дзве кватэры былі на першым паверсе, і ў іх былі гіганцкія прусакі.

Трэцяя кватэра размяшчалася на трэцім паверсе больш новага будынка, з яе вокнаў адкрываўся прыгожы від на басейн, а побач знаходзілася вялікая крама. Мы ўзялі яе. Усё адбывалася анлайн: адправілі свае дакументы, банкаўскія выпіскі, нашу заяўку ўхвалілі, дамову таксама падпісалі анлайн – і ўжо потым прыехалі забіраць ключы ва ўпраўленне кам’юніці.

 
Від з акна кватэры ў Ірвайне, Каліфорнія, ЗША.

Від з акна кватэры ў Ірвайне. Фота: асабісты архіў героя.

Наша кам’юніці і кватэра лічацца крыху лепшымі за сярэдні стандарт для рэгіёна. Тут гасцёўня, дзве спальні і два санвузлы. І яшчэ гараж. Каштуе гэта кватэра 3500$ у месяц плюс камунальныя (электрычнасць каля 100$, газ дзесьці 50$). Пры засяленні з нас узялі яшчэ заклад 3500$ (яго, я думаю, не вернуць).

Суседзі – мікс: і іранцы, і індусы, і амерыканцы, шмат розных азіятаў, ёсць бураты, рускія, украінцы – каго толькі няма. Асабліва ніхто ні з кім не камунікуе, вітаемся – і ўсё.

Гасцёўня ў кватэры ў Ірвайне, Каліфорнія, ЗША.

Гасцёўня. Фота: асабісты архіў героя.

Спальня ў кватэры ў Ірвайне, Каліфорнія, ЗША.Санвузел кватэры ў Ірвайне, Каліфорнія, ЗША.

Спальня і санвузел кватэры. Фота: асабісты архіў героя.

«Ну што гэта за грошы, калі толькі за кватэру плаціць 3500$?»

– Я спрабаваў прабіцца ў IT, але разумеў, па словах знаёмых, што гэта год штодзённых адправак рэзюмэ, а то і болей. Да таго ж у мяне не было досведу аўтаматызаванага тэсціравання, а тут усім патрэбныя менавіта аўтаматызатары, нават калі ў вакансіях пішуць, што неабходны звычайны тэсціроўшчык.

Я падаваў рэзюмэ, потым пачаў шукаць працу не па спецыяльнасці: напрыклад, спрабаваў сябе ў дастаўцы. Калі ты адзін, то на жыццё заробку будзе хапаць (пакой каштуе 1000–1500$ у месяц, маленькая кватэрка – 2000$). Я ж паездзіў тыдні два і, зарабіўшы ўсяго недзе тысячу долараў, кінуў. Ну што гэта за грошы, калі толькі за кватэру плаціць 3500$?

Мне параілі ўладкавацца хэндыменам: нічога складанага – нешта рамантаваць, фарбаваць…

Хэндымен (ад англ. handyman) – гэта ўніверсальны хатні майстар, адмысловец шырокага профілю і «майстар на ўсе рукі», які выконвае дробны і сярэдні бытавы рамонт. Аналагі назвы прафесіі – «майстар на гадзіну» або «муж на гадзіну».

Ёсць мабільны дадатак, у якім людзі пакідаюць заказы (ліды), а я гэтыя ліды купляю па 10–30$ за адзін. І ўсё, ездзіш, працуеш. Як ІП рэгістравацца не трэба, але трэба потым заплаціць з гэтага падаткі. А кліенты ў гэтым жа дадатку пакідаюць табе водгукі.

Рамонт сценкі з гіпсакардону, заказ хэндымена.Рамонт плота, заказ хэндымена.

Прыклады заказаў хэндымена: на першым фота – рамонт сценкі з гіпсакардону, 1500$ з афарбоўкай. На другім – рамонт плота, 800$. Фота: асабісты архіў героя.

«У сярэднім можна атрымліваць 6000–7000$ у месяц»

– Усе хэндымены працуюць на пагадзіннай аплаце: я пачынаў з 50$ у гадзіну, цяпер ужо бяру ад 70 да 100$, езджу на заказы ў радыусе 100 міль. У дзень працую ад 3 да 10 гадзін, у сярэднім у месяц можна атрымліваць 6000–7000$. Па выхадных імкнуся не працаваць – планую свой графік так, каб гэтага не здаралася.

У цэлым праца не напружаная. Вядома, фізічна цяжкавата, цэлы дзень на нагах, увесь час нешта круціш, дзесьці ляжыш, мяняеш краны, чысціш дрэнаж, губляеш інструменты… Людзі тут часта жывуць у жудасных умовах, чысцёх мала. І кліенты бываюць розныя.

Калі я толькі пачынаў, быў заказ ад пажылой жанчыны – адрамантаваць кран ці памяняць змяшальнік. Я не мог знайсці спецыяльны люк каля дома, дзе выключаецца вада. А ў яе з крана цёк кіпень. Урэшце яна не вытрымала і выклікала пажарных.

Яны прыехалі на вялізнай пажарнай машыне – і перакрылі ваду. І з’ехалі. Атрымліваецца, проста дапамаглі мне. За гэта жанчына потым паставіла мне ў водгуку «адзінку». Я паспрабаваў напісаць ёй: прабачце, у мяне невялікі досвед, але я вам папраўлю што заўгодна. Яна адказала: больш не пішы мне, гэта харасмент, а яшчэ раз напішаш – выклічу паліцыю!

Хацелася б, канешне, вярнуцца ў IT. Будучы хэндыменам, шмат не заробіш, у мяне ўжо практычна столь. Далей трэба ці арганізоўваць свой бізнес, каб на мяне працавалі іншыя людзі, а я кіраваў, ці атрымліваць ліцэнзію будаўніка і будаваць дамы.

Я пачаў вучыць аўтаматызацыю, AI-інструменты, Claude Code і гэтак далей. Маё рэзюмэ выкладзена на LinkedIn, я паступова яго абнаўляю, але бачу, што пакуль яшчэ не хапае для атрымання працы.

«Хочацца свой дом, але сярэдняя цана – паўтара мільёна долараў»

– Жонка пакуль не працуе, займаецца домам, сядзіць з дзецьмі. Дзеці добра адаптаваліся, вучацца ў звычайнай дзяржаўнай школе, хутка вывучылі мову, нават мяне часам папраўляюць. Мы з жонкай, калі прыехалі, хадзілі на бясплатныя курсы англійскай. У цэлым у мяне першапачаткова быў добры ўзровень мовы з-за досведу ў IT: я працаваў на праектах з англічанамі і амерыканцамі. Тэрміналогіі адразу не хапала, але яе можна вывучыць з часам.

Яшчэ хочацца свой дом. Пакуль ты жывеш на здымнай кватэры, усё роўна не пакідае пачуццё, што ў будучыні паедзеш назад, ёсць адчуванне падвешанага стану. А дамы тут каштуюць вельмі шмат: у Ірвайне сярэдняя цана – паўтара мільёна долараў, але ёсць і па шэсць, і па дзесяць – паспрабуй купіць. Пры гэтым у асноўным зроблены яны кепска, на фотках выглядаюць прыгожа, але на справе гэта фарбаваныя каркаснікі з гіпсакардонам.

Балкон кватэры ў Ірвайне, Каліфорнія, ЗША.

Балкон. Фота: асабісты архіў героя.

Клімат класны, вядома, сонца круглы год, але мне як аматару чатырох сезонаў спякотна. Ну і акіян большую частку года халодны, моцна не накупаешся. У пачатку 2025 года тут былі вялікія пажары, аднак нас гэта не закранала: гарэла далёка ў гарах. Можна было пад’ехаць на машыне і паглядзець – прыгожа.

Што яшчэ па коштах?

– Ежа выходзіць у раёне 1500$ у месяц на пяць чалавек. Пры гэтым мы стараемся купляць шмат арганікі, нятанную ежу.

Што тычыцца медыцынскай страхоўкі: калі ты атрымліваеш мала, Каліфорнія дае табе медстрахоўку. Калі ты перасягаеш пэўны парог, у цябе яе забіраюць, трэба купляць самому. Нармальная страхоўка ў Каліфорніі, якая пакрывае ўсё, каштуе шалёных грошай – ад 1000$ на чалавека. У нас пакуль яшчэ не такая, парог не перасягнулі.

«Беларусь – гэта топ, нашмат круцей, чым Амерыка»

– Усе мае знаёмыя кажуць, што «Амерыка ўжо не тая». Людзі шмат працуюць на нізкааплатных месцах. У Каліфорніі, напрыклад, касір атрымлівае 22$ за гадзіну – гэта мінімалка ў штаце.

Ірвайн, Каліфорнія, ЗША.

Ірвайн, Каліфорнія. Фота: асабісты архіў героя.

Часта думаю пра тое, як усё цікава ў маім жыцці атрымалася. Упэўнены, калі б не было 2020 года, я б нікуды і не паехаў. Беларусь – гэта топ, нашмат круцей, чым Амерыка, па ўсіх параметрах, акрамя дзяржаўнага ладу. Выдатныя людзі, развітыя сэрвісы, няма такога засілля прыватнай уласнасці, як тут.

А яшчэ свабода перамяшчэння: у Беларусі ты пайшоў гуляць па палях, лясах – кайф! Тут гэта немагчыма... Вось у цябе дарога, вось тратуар. Ні налева, ні направа – усё прыватнае. Ты не можаш нават у лес пайсці пагуляць, трэба шукаць нейкі парк, некуды ехаць. Мне гэтага вельмі не стае.

Беларусаў вакол няшмат. Яны часам збіраюцца разам, але гэта па вялікіх святах. У асноўным усе проста працуюць з ранку да ночы.

Калі мы з’язджалі, малодшым дзецям было па 4 гады. Яны ўжо амаль не памятаюць Беларусь. Стэлефаноўваюцца са сваякамі па відэасувязі, але дом ужо забываюць (дарэчы, не памятаюць і снег – мы імкнёмся выязджаць кудысьці, дзе ён ёсць, каб не забыліся канчаткова). Я б адправіў іх на лета да бабуль, але, на жаль, пакуль для нас гэта жудасна дорага.

 
Дарога ў Ірвайне, Каліфорнія, ЗША.

Дарога ў Ірвайне. Фота: асабісты архіў героя.

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

Еще по теме:
«Квартиросъемка»: дом возле Атлантического океана, дети, собака и дружное комьюнити – посмотрите, как живет беларуска в США
Квартиросъемка
«Усё вельмі дорага: за кватэру – 2150 фунтаў у месяц, за ежу – 400–500 фунтаў». Беларуска паказвае кватэру ў Лондане і шчыра расказвае пра цяжкую адаптацыю
Квартиросъемка
«Дранікі любяць усе!» Пачытайце, як беларус адкрыў на Балі рэстаран беларускай кухні
Наши за границей
поделиться