Беларуская керамістка з нікам taliya_lisa паказала ў Threads свае керамічныя талеркі з народным арнаментам і фразамі на беларускай мове. Па словах майстрыхі, да канца тыдня яна плануе выпусціць новую невялікую партыю вырабаў.
10 сакавіка яна напісала ў сацсетцы, што рыхтуе новую серыю талерак і вырашыла дадаць у яе новыя выразы: «Звычайна я раблю іх няшмат, штук 10. Цяпер вось будуць і новыя выразы».


Талеркі з фразамі на беларускай мове. Фота: taliya_lisa, Threads.com.
На апублікаваных фатаграфіях можна ўбачыць талеркі светлага колеру з чырвоным традыцыйным арнаментам. На іх змешчаны кароткія фразы на беларускай мове. Напрыклад, «Цырк на дроце», «Абоe рабое», «Ціж тваю маць няхай», «Шчасце непазбежна», «Хавайся ў бульбу» ды іншыя.
Беларуска таксама робіць і іншы посуд. Напрыклад, да Дня роднай мовы яна публікавала сімвалічныя кубкі з беларускімі словамі.
У адным са сваіх пастоў керамістка таксама расказала пра кошт вырабаў. Паводле яе слоў, вялікія талеркі каштуюць 25 еўра, а талеркі паменш – 20 еўра за штуку. Дастаўка аплачваецца асобна, калі яна патрэбна.
Раней CityDog.io расказваў пра беларуску, якая робіць крэатыўныя кубкі з тварамі. Яна публікавала ў Threads фота сваіх керамічных вырабаў і коратка расказала пра сябе. Мастачка, якая называе сябе Мілай, пераехала з Беларусі ў Польшчу і цяпер развіваецца ў творчай прафесіі ў эміграцыі.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















