3 лютага кінапрастора mooon анансавала ў сваём інстаграме паказ першай часткі трылогіі «Валадар пярсцёнкаў» у беларускім дубляжы. Сеансы пройдуць у Мінску, білеты ўжо паступілі ў продаж.
«Легенда вяртаецца праз 25 гадоў ў беларускім дубляжы. Першая частка “Валадара пярсцёнкаў: Брацтва пярсцёнка” ўжо 12 лютага не пройдзе міма нашых экранаў!» – сказана ў пасце кінапрасторы mooon.

Анонс першай часткі трылогіі. Фота: @moooncinema, Instagram.com.
Гаворка ідзе пра фільм The Lord of the Rings: The Fellowship of the Ring – першую частку вядомай кінатрылогіі па творы Дж.Р.Р Толкіна. У кінатэатрах яго пакажуць у беларускім дубляжы.
Паказы стартуюць 12 лютага. Нягледзячы на тое, што кінапрасторы сеткі працуюць і ў Мінску, і ў Гродне, сеансы гэтага фільма запланаваны толькі ў Мінску. Білеты ўжо ў продажы на сайце.
Дарэчы, нядаўна CityDog.io расказваў пра інцыдэнт, які адбыўся падчас кінапаказу фільма «Пакаёўка» ў ГЦ Dana Mall. Паміж гледачамі здарыўся канфлікт, які перарос у бойку. Праз суткі ўладальнікі кінапрасторы mooon пракаментавалі тое, што здарылася: яны лічаць канфлікт недапушчальным, а тое, што парушальнікі вярнуліся ў залу, – памылкай.
Як адрэагавалі беларусы?
У каментарыях пад пастом moooncinema многія ўзрадаваліся гэтаму паказу. Праўда, некаторыя знерваваліся, што ў Гродне яго не будзе.
«Вельмі крута. Дзякуй вялікі», – падзякавала kostyukovichnastassia.
«Нарэшце мы гэтага дачакаліся, дзякуй вам вялікі!!» – напісаў valeriysavic.
«Вельмі сумна, што ў Гродне не будзе. Ужо ўзрадаваліся з сябрамі», – пракаментавала _lizavietta_.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















