У Беларусі піва часта можна сустрэць у пластыкавых бутэльках, у адрозненне ад Еўропы. У «Лідскім піве» патлумачылі, чаму так адбываецца і ці можа гэта змяніцца.
У кампаніі «Лідскае піва» адказалі на пытанне, чаму ў Беларусі піва часта разліваюць у пластыкавыя бутэлькі. Тлумачэнне з’явілася ў Threads-акаўнце брэнда.
Як адзначаюць у кампаніі, прычын некалькі: эканамічныя, экалагічныя і заканадаўчыя. Але важную ролю адыгрывае і культура спажывання.
У Беларусі піва часцей п’юць дома, на лецішчы або на рыбалцы, а не ў барах. Таму пластыкавая тара застаецца больш зручнай і даступнай.
Разам з тым сітуацыя паступова змяняецца. У краіне ўсё больш увагі надаюць экалогіі і культуры спажывання. З-за гэтага беларусы часцей выбіраюць напоі ў шкле і бляшанках. У будучыні пластык можа стаць менш распаўсюджаным.
У каментарыях пад пастом беларусы абмяркоўваюць і іншыя пытанні, звязаныя з півам
Адзін з карыстальнікаў задаецца пытаннем пра аб’ёмы бутэлек: «У мяне іншае пытанне. Калі забаранілі бутэльку 1,5, чаму пачалі вырабляць 1,4, а не 1,6?», – напісаў lavinin360.
Іншыя прапануюць свае версіі: «Відавочна, каб прадаваць вам менш за тыя ж грошы, камон», – напісаў minsk.baraholka.
Далей у дыскусіі з’яўляюцца і больш падрабязныя тлумачэнні: «Бутэлька 1,5 як раз такі не забаронена, забаронена вышэй за 1,5. А 1,4 таму ж, чаму з’явіліся піва 0,45, малако 0,9 і шакаладкі 90 грам», – напісаў blackreset.
Пры гэтым аўтар першапачатковага пытання працягвае спрачацца: «Дык гэта ўсё роўна не дае адказу на пытанне) Калі ёсць устаноўка на 0,9 замест літра, то якім чынам 2 пінты “Каранэту” не ператварыліся ў 0,9? І навошта вырабляць 1,4, калі ёсць лічба 1,49?», – напісаў lavinin360.
Нагадаем, што з 1 студзеня 2026 года ў Беларусі ўведзена забарона на ўвоз і продаж шэрага тавараў з так званых «недружалюбных» краін. У спісе – прадукты харчавання, а таксама касметыка, адзенне, бытавая хімія, тэхніка і іншыя тавары.
Што да піва, гэтыя абмежаванні пачалі дзейнічаць з 1 красавіка. Калі ў пастаўшчыкоў і крам застаюцца запасы, завезеныя раней, іх можна прадаваць да заканчэння тэрміну прыдатнасці, але спачатку трэба нанесці спецыяльную маркіроўку – да 31 мая.
З 1 красавіка крамы часова спынілі продаж імпартнага соладавага піва з «недружалюбных» краін, праводзяць інвентарызацыю і перадаюць даныя ў падатковыя органы. Пасля маркіроўкі такі тавар зноў будзе дазволена прадаваць.
Новыя пастаўкі пры гэтым забаронены. Абмежаванні будуць дзейнічаць як мінімум да канца 2027 года, але іх могуць перагледзець.
Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.
















