Фота: Anastasiia Krutota, Unsplash.com.

Дзяржмедыя сцвярджаюць, што палякі ўжо стаміліся ад беларусаў – і хутка нават пачнуць біць. А што кажуць самі беларусы ў Польшчы? Пачытайце іх гісторыі

Фота: Anastasiia Krutota, Unsplash.com.

Беларускае дзяржмедыя зрабіла гучную заяву: палякі стаміліся ад беларусаў, якія эмігравалі ў іх краіну. Пакуль, на думку газеты, абмяжоўваюцца папярэджаннямі – робяць дробныя капосці, пасля ж «пачнуць біць». CityDog.io даведаўся ў беларусаў, якія жывуць у Польшчы, ці адчуваюць яны складанасці ў камунікацыі з палякамі.

мы здесь

Што здарылася?

Ва Ўроцлаве пара беларусаў – Віка і Рома, – сутыкнуліся з непрыемнай сітуацыяй: невядомыя залілі ім дзверы кватэры мантажнай пенай і пакінулі надпіс «вунь да сябе» на польскай мове. Пра сітуацыю падрабязна расказвалі беларускія незалежныя медыі, якія пагутарылі з парай. Крыніца канфлікту да канца не зразумелая – верагодна, прычынай стала непаразуменне паміж беларусамі і іх польскімі суседзямі па дому.

Праз некаторы час беларуская дзяржмедыя вырашыла выпусціць уласную калонку, дзе на прыкладзе гэтай гісторыі зрабіла выснову: палякі не радыя беларусам.

«Далей, канечне, будуць біць. А што яшчэ з тупымі і нахабнымі рабіць? Мы тут з імі ў Беларусі вунь колькі гадоў цацкаліся, пакуль гэтая навалач канчаткова не нахабнілася. Палякі іх тады моцна шкадавалі бедненькіх. Цяпер ужо і ў Польшчы зразумелі, што нездарма гэтым паразітам у роднай краіне ўсё дрэнна было», – рэзюмірует аўтарка калонкі.

CityDog.io сабраў гісторыі беларусаў, якія даказваюць: нацыянальнасць не грае ролі, а вось паразуменне і ўменне дамаўляцца – так.

«Калегі па ўласнай ініцыятыве назбіралі падарункі для маіх дзяцей»

Алёна

– У мяне на працы ёсць бабуля, якая жартоўна называе сябе «kieszonkowy zlodziej» («зладзюжка»). Не ведаю, як ёй гэта ўдаецца, але яна амаль незаўважна падкрадваецца да мяне – і засоўвае руку з цукеркай, яблыкам або «снікерсам» мне ў кішэню. А ўсё лета, калі яна мяне спатыкала, засоўвала марозіва. Часам яна кажа, что я для яе як унучка – таму і прыносіць мне штосьці сладзенькае. Гэтая бабуля – дзьмухавец, сонечны пушок, які хочацца абдымаць і цалаваць, такая яна мілая.

Ёсць і іншая бабулька, якая прыгашчае мяне печывам і торцікамі, якія самастойна выпякае. Апошні раз уручыла мне кантэйнер – кажа: «Гэта дзецям». Я не адкрывала, бо рукі былі бруднымі. Пасля гляджу, а там – спечаныя «грыбочкі», з шакаладнымі шляпкамі і какосавай стружкай. Гэта так міла, што мяне падкармліваюць на працы.

А калі я толькі ўладкавалася – гэта быў снежань, – калегі па ўласнай ініцыятыве назбіралі два вялізных пакета падарункаў для маіх дзяцей. Палажылі салодкае, адзенне і забаўкі для кожнага – па коціку. Мне было вельмі прыемна.

«Інструктар па аўташколе нагадваў мне дзеда: увесь час жартаваў»

Паліна

– У Польшчы мне спатрэбілася запісацца ў аташколу – абрала правераную, куды хадзілі мае знаёмыя. Пасля тэарэтычных заняткаў мне далі інструктара – здавалася б, самы звычайны польскі выкладчык. Але за час практычных заняткаў мы ўсталявалі вельмі добры кантакт. Інструктару было каля 60-гадоў і сваім вайбам ён нагадваў мне дзеда (хаця ў мяне іх ніколі не было, бо яны рана памерлі) – ён увесь час жартаваў, даваў жыццёвыя парады і распавядаў пра сваё жыццё. Падаецца, мне такога вельмі не хапала ў эміграцыі: прыходзіла на заняткі і ведала, што змагу з ім паразмаўляць.

Аднойчы ён распавёў, што з іншых краін бываў толькі ў Беларусі – ездзіў туды гандляваць. Агулам яго стаўленне да беларусаў было вельмі добрым: мы і наконт палітыцы разганяліся, бо інструктар быў моцна паглбылены ў наш кантэкст – вельмі нас падтрымліваў. Аўташколу я ўжо скончыла, але часам бачу яго аўто ў горадзе – тады махаю яму.

Скажу шчыра, зараз, калі чытаю навіны, мне робіцца страшна. Але на ўласным вопыце ў Польшчы ніколі не сутыкалася з дрэнным стаўленнем з-за таго, што я беларуска.

«Майстар сам звязаўся з людзьмі, якія ўзломваюць аўто»

Віка

– Неяк мы паехалі з мужам у рыбацкую вёсачку пад Гдыняй – хацелі купіць куст для нашага сада. Прызнаюся, хоць лакацыя і аказалася маляўнічай, але там было бязлюдна, яшчэ і вечарэла.

Тут мой муж прысеў на бардзюр – і ў яго з кішэні выпалі ключы ад нашага аўто. Ключы ўпалі ўніз да хвалярэзаў і вялізных камянёў і, відаць, адракашэцілі кудысьці далёка: увогуле, дастаць іх у нас так і не выйшла. А нашы тэлефоны, як на ліха, разрадзіліся. У выніку праз смарт-гадзіннік мы звязаліся з майстрам, які чыніць наша аўто: распавялі, у якой дурной сітуацыі апынуліся.

Па нашым апісанні майстар вызначыў, дзе мы знаходзімся, сам звязаўся з людзьмі, якія ўзломваюць аўто і робяць копію ключоў – і сказаў чакаць. Праз некалькі гадзін прыехаў мужчына, які і дапамог адкрыць аўто. Часу мы тады патрацілі процьму, затое ўсё ж дабраліся дадому. Цяпер, калі тэлефануем нашаму майстру, ён жартуе з гэтай гісторыі.

«Дзяўчына спецыяльна павольна са мной размаўляла, каб я ўсё разумела»

Таня

– Мая камунікацыя з палякамі ў цэлым заўсёды складвалася добра, асабліва пры пошуку кватэры: яны спачувалі беларусцы, якая апынулася ў Польшчы і не можа вярнуцца дадому. У выніку ў мяне з’явілася суседка, з якой мы вельмі пасябравалі – абедзве не любілі шум, таму калі да кагосьці з нас прыходзілі госці, спісваліся і прасілі прабачэння за магчымыя нязручнасці. А часам удваіх выбіраліся куды-небудзь – гулялі і пілі віно.

У Польшчы заўсёды трапляла на людзей, якім было пляваць, што я магу гаварыць з памылкамі: ні разу не чула, каб з мяне смяяліся ці выпраўлялі маю гаворку. А яшчэ я пасябравала з дзяўчынай, якая спецыяльна павольна са мной размаўляла, каб я ўсё разумела і вучылася польскаму. Пры гэтым балбаталі на зусім розныя тэмы: ад музыкі да філасофіі, каб я падцягвала не толькі «бытавую» мову.

На запыт CityDog.io падзяліцца добрымі гісторыямі, звязанымі з камунікацыяй у Польшчы, адгукнулася шмат беларусаў. Вось яшчэ некалькі сітуацый, якія апісалі нашы чытачы.

Саша: «Я вярнуўся ў Беларусь, але мой працадаўца ўсё роўна падлічыў падаткі, якія я пераплаціў дзяржаве – у выніку мне даслалі грошы, прыкладна каля 1300 злотых (969 руб.)».

Дзяніс: «Мой варшаўскі лэндлорд казаў, што вельмі рады беларусам – і здаваў нам кватэру коштам у два разы ніжэй, чым па рынку. За два гады жыцця ні разу не прыходзіў да нас на праверку – я бачыў яго толькі падчас засялення і ад’езду».

Дар’я: «Вярталася з Вільні ў Варшаву начным аўтобусам – у той дзень я дрэннавата сябе адчувала. Дзяўчына-полька гэта, відаць, заўважыла. Калі мы прыехалі на вакзал, яна прапанавала выклікаць таксі на два адрасы і пасля яшчэ адмаўлялася, каб я аддала ёй грошы за сваю частку маршрута».

Перадрук матэрыялаў CityDog.io магчымы толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Падрабязнасці тут.

#Польша #Беларусь
Еще по теме:
«С такими растяжками даже муж к ней не притронется». Почитайте, как в Польше менялось отношение к роженицам. Кажется, нам есть чему у них поучиться
Як вы там жывяце...
«Какой кошмар, у нас нет запасных детей». Что беларуские родители думают о нападениях в польских школах?
Як вы там жывяце...
поделиться